Развітанне з букваром

30.05.2019

Канец мая. Настрой радасны і крыху шчымлівы. Час набліжэння доўгачаканых канікулаў і час развітання з сябрамі, са школай, настаўнікамі. Праз тры месяцы большасць вернецца ў свае класы і працягне вучобу. Назаўсёды зрабіў крок са школьнага ганку ў дарослае жыццё наш адзінаццаты клас.

У першага класа свая нагода для суму і радасці. Першакласнікі развіталіся са сваім першым падручнікам – Букваром. Вялікую справу зрабілі дзеці з яго дапамогай – навучыліся чытаць, пісаць, засвоілі шмат беларускіх слоў. Удзячныя вучні расказвалі вершы, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў конкурсах, спявалі песню. Напрыканцы свята Буквар уручыў дзецям іх першыя ўзнагароды – дыпломы за старанную вучобу.

Буквар адкрыў вучням дарогу ў вялікае і поўнае незвычайных адкрыццяў царства кніг. З кожным днём яны будуць крочыць па гэтай дарозе ўсё далей і далей, але ніколі не забудуць свой першы падручнік, што стаў сапраўдным сябрам.