Максіму Танку прысвячаецца

04.04.2012
У зборніку вершаў “Прайсці праз вернасць” М.Танк напісаў:
Я спытаў у чалавека,
   Які прайшоў праз агонь,
                                                      І воды,
                                                     І медныя трубы:
                                                    -Што самае цяжкае
                                                    На гэтым свеце?
                                                     І ён адказаў:
                                                    - Прайсці праз вернасць.
Словы “прайсці праз вернасць” можна цалкам аднесці да самога М.Танка. Менавіта ён застаўся верным сваёй “імперыі, у якой не заходзіць сонца” – паэзіі.
Дзе б ні быў М.Танк, ён заўсёды памятаў сваю Радзіму, свой народ. Яго паэзія сагрэта дабрынёй і даверам да чалавека. Для паэта вершы – і радасць, і прызванне, і праклён, і шчасце, і  мука, і свяшчэнны абавязак.
 Максім Танк паэтызуе родную мову, услаўляе сілу і веліч народа, заклікае любіць і шанаваць сваю Айчыну, сваю мову, якая дае струнам песні, а паэтам натхненне.
У паэзіі М.Танка ёсць прастата, высокая духоўнасць. У цэнтры ўвагі – чалавек.
У яго вершах можна знайсці адказы на ўсе пытанні жыцця.

 Пра ўсё гэта і многае іншае гаварылася падчас правядзення літаратурнай гасцёўні, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, якая прайшла ў школе 4 красавіка 2012 года.