“Размаўляй са мной па-беларуску”.

20.02.2021

Пад такой назвай 20 лютага ў школе прайшла гульня-квэст. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.

         У гульні прымалі ўдзел вучні 5-8 класаў. Дзеці падзяліліся на дзве каманды. Каманды атрымалі карту вандроўніка з пералікам прыпынкаў, на кожным з якіх было падрыхтавана заданне.

 Першы прыпынак быў “Лінгвістычны”. Вучням патрэбна было ўспомніць як мага больш беларускіх прыказак, адгадаць загадкі. На прыпынку “Перакладчык” дзеці перакладалі словы і тэкст з рускай мовы на беларускую і ўзгадалі знакамітых перакладчыкаў. Наступны прыпынак “З рога  - усяго многа” патрабаваў ведання народных мудрасцей. На прыпынку “Энцыклапедычны” ўдзельнікі паказалі, як яны ведаюць біяграфіі вядомых беларусаў і дазналіся шмат цікавых фактаў аб асветніках Беларусі.

         На прыпынку “Этнаграфічны” вучні ўзгадалі назвы рэчаў, адзення, якімі карысталіся нашы продкі, успомнілі самыя важныя народныя святы, якія беларусы святкуюць і па гэты дзень.

Апошні прыпынак “Маё любімае беларускае слова” найбольш узрушыў вучняў. Дзеці выразалі папяровыя сардэчкі, пісалі на іх свае любімыя беларускія словы, прымацоўвалі на дошку і расказвалі, чаму лічаць гэтыя словы любімымі.

         Напрыканцы мерапыемства ўсе разам зрабілі вывад, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова. Мілагучная, багатая, жывая… Яна заслугоўвае таго, каб людзі яе любілі і на ёй гаварылі.