Вялікодная вандроўка

29.04.2019

Апошнія дні красавіка, а надвор’е  амаль летняе. Лівень з навальніцаю прыбілі надакучлівы пыл, абмылі траву і ўсё  заззяла сакавітай зелянінай. Пяшчотны пах квітнеючых садоў запаланіў усе навокал. У такі цудоўны  дзень, 29 красавіка, вучні першага класа адправіліся ў  лясную вандроўку.  У час прагулкі прыходзілася штораз прыпыняцца, каб разгледзець і адчуць пах квітнеючых раслін, паслухаць галасы птушак, што наперабой заліваліся звонкімі галасамі. Літаральна за тыдзень распусцілася лісце на бярозах, рабінах, клёнах, разгарнула свае карункавыя лісты папараць. Так імкліва вясна ўступіла ў свае правы, вось-вось перадасць эстафету гарачаму лету. Усё, што траплялася на вочы, радавала душу, уздымала настрой.

Нарэшце дзеці з настаўніцай прыйшлі на сваё любімае месца. Гэта высокія пясчаныя грады, парослыя прыгожымі гонкімі соснамі. Тут вырашана астанавіцца на прывал. Дзеці разаслалі абрус і пачалі выкладваць вялікодныя пачастункі. Клапатлівыя матулі паклалі ім з сабою духмяныя асвячоныя кулічы, фарбаваныя яйкі, мяса, вяндліну і кілбасы, бутэлькі бярозавіку і шмат салодкіх прысмакаў. Падсілкаваліся, падзяліўшыся гэтай смакатой адзін з адным, і хутчэй кінуліся гуляць. Бо не цярпелася дазнацца, чыё яйка далей пакоціцца з гары, а чыё акажацца самым моцным у бітках. Гульні нашых продкаў выклікаюць цікавасць і ў сучасных дзяцей. А потым гулялі ў хованкі, даганялкі, караля, сапсаваны тэлефон і іншыя гульні. А колькі асалоды даставіла дзецям простае лазанне па дрэвах. Знайшлі і “асядлалі” сагнутую хваіну, пасядзелі ў шырокай расселіне, падобнай на царскі трон. Час проста імчаў, а хацелася пабыць хоць яшчэ крыху. Вярталіся ў школу з дваістымі пачуццямі: радасці, прыемнай стомленасці, задаволенасці з аднаго боку і шкадаваннем, жаданнем прыйсці сюды зноў з другога.

Наша вялікодная вандроўка ўдалася. Віншуем усіх са светлым святам Вялікаднем і спяшаемся падзяліцца сваім настроем. Жадаем усім дабрабыту і святла ў душы.