ПЕРАМАГЛІ!

25.2.2012


Каманда-пераможца ДУА “Гортальская СШ”

25 лютага 2012 года ў ДУА “Гортальская СШ” адбыліся спаборніцтвы на прызы СВК “Горталь” паміж юнакамі Гортальскай, Выганашчанскай, Крайскай і Рэчкаўскай сярэдніх школ, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны.

 Час ідзе. Прыбываюць каманды. Бачна, як хвалююцца ўдзельнікі...
 І вось каманды пастроіліся. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, узнімаецца сцяг. Для ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў слова прадастаўляецца старшыні СВК “Горталь” Могелю Вячаславу Міхайлавічу. У сваёй прамове ён звярнуўся да юнакоў, засяродзіўшы ўвагу на здаровым ладзе жыцця, выказаў пажаданне ўдачы мацнейшым. Па яго словах, у жыцці трэба ўмець выйграваць і ...прайграваць дастойна. І ад таго, якімі будуць хлопцы, залежыць дабрабыт нашай дзяржавы.
 Пасля гэтага галоўны суддзя Куцко Дзмітрый Андрэевіч аб’явіў парадак правядзення спаборніцтваў. Юнакі  гулялі ў настольны тэніс, падымалі гіры, змагаліся на валейбольнай пляцоўцы, выяўлялі самага транага стралка.
 Пераможцам у стральбе стаў вучань 10 класа Гортальскай СШ Дзягцярык Іван. У падыманні гіры першае месца заняў адзінаццікласнік Гортальскай СШ Абрамчук Іван.
 У спаборніцтве па тэнісе вучням нашай школы дасталося другое месца.
 Многа хваляванняў даставіла гульня ў валейбол. Да апошніх хвілін заставалася інтрыга: хто выйграе? Але хутка ўсё стала на свае месцы: перамаглі гаспадары. У падарунак яны атрымалі валейбольны мяч.
 Юнакоў падчас  спаборніцтваў падтрымлівалі не толькі вучні школы, але і аднавяскоўцы-балельшчыкі і групы падтрымкі са школ-удзельніц. Настрой быў цудоўны. У вачах юнакоў гарэла жаданне перамагчы. Нарэшце ўсе конкурсы закончаны. Падведзены вынікі.
У агульнакамандным заліку першае месца занялі вучні ДУА “Гортальская СШ”, якія былі ўзнагароджаны граматай, ім уручаны кубак і футбольны мяч.
Другое месца ў зацятай барацьбе занялі вучні Крайскай школы. А трэцяе месца заваявалі вучні Выганашчанскай СШ.
 У канцы спаборніцтваў каманды усіх школ выказалі падзяку спонсару спаборніцтваў – СВК “Горталь” і асабіста старшыні СВК “Горталь” Могелю Вячаславу Міхайлавічу. А  яшчэ выказалі свае пажаданні на працяг такіх сустрэч і ў далейшым.

 Мне здаецца, што спаборніцтвы нікога не пакінулі абыякавымі. Юнакі яшчэ раз даказалі, што дзяржава можа даверыць ім будучыню.